Міхась Стральцоў
А будзе час, калі і без нагоды,
А проста так, ад шчодрасці быцця,
Успомняцца ранейшыя нягоды
Раней нязнанай мерай пачуцця.
I тое ўсё, што некалі балела
I што гняло варожай варажбой,
Падасца смуткам — скрухай пераспелай,
А ўвогуле — харошаю журбой
Па тым усім, што гэтым Шляхам Млечным
Сплыве ракой — шумліваю слязой —
He ў залаты век, не ў сярэднявечча,
He ў мезазой або палеазой, —
Туды, дзе, па правераных прыкметах,
Для ўсіх з другога свету прыбышоў
Цвітуць сады і неба ў дыяментах,
А ля вады — эфірны скавышок.
Стамляецца нават метал.
Падшыпнікі, шарыкі, ролікі,
Сыграўшы часовыя ролейкі,
Растрачваюць гарт і запал.
Ідуць праз якія мілі
Выпрабаванняў якіх
На могільнік — аўтамабілі,
На пераплаў — цягнікі?
З якім застаецца запасам
Трываласці атамны век?
I як сябе чуе тым часам
Наш прыяцель чалавек?
Мой дзень брыдзе дрымотнай каляінай,
А твой вавёркай скача на сасне,
Цвіце пры лузе белаю калінай,
Затым, каб ноччу доўжыцца у сне.
Свяцілы дня і ночы над табой
Усходзяць шчыра ўвечары і ўранку:
За днём зара ідзе, а ноч вядзе заранку
Свяціць табе спагадай, мне — журбой.
Ды наракаць не стану я на лёс.
Я на цябе дзіўлюся ў захапленні,
Адно хачу, каб сінь тваіх нябёс
He засмуцілі раптам хмарак цені,
Каб ты была, каб новы дзень прынёс
Табе свае на ўдачу блаславенні.
Пад шоргат кропель дажджавых
Ён з тэлефоннай будкі бачыў,
Як па галінах верхавых
Зялёны вецер пругка скача.
Ён наглядаў. Ён не спяшаў.
Нішто пагляд не абражала.
Як бы лячылася душа,
Яе як быццам суцяшала,
Што вецер згоды не пытаў —
Шалеў над горадам — і, ніцы,
Ужо на вулках шкуматаў
Плашчы, кашулі і спадніцы.
I ў гэтай будцы пад дажджом,
У нейкай роспачы вялікай,
Сябе за даўнім рубяжом
Убачыў ён — і не паклікаў.
He мог. А мо не захацеў.
He абазваўся нейкім знакам.
А той у дзіўнай віднаце
Ці то ўсміхаўся, ці то плакаў...
I ў гэтым горадзе чужым,
Які ягоным быў калісьці,
Ішлі інакшыя дажджы,
Іначай трапятала лісце.
Паяднай пачатак і канец —
Азарацца памяці скляпенні,
Каб пад імі сталі палымнець,
Ясніцца мінулыя імгненні.
To не проста зноў пачаты бег.
To жыццё, адчутае прыкметай,
Як праз снежань адчуваеш снег,
Як праз промень адчуваеш лета.
Але ж то і сіратлівы дом,
Нота, што адлучана ад спеву,
Плынь ракі, што сталася ільдом,
Контур голля на бязлістым дрэве.
Мы адчуць іх можам — не вярнуць,
З іх быццём даступна-недаступным,
Іх, што ў дні аднолькава жывуць —
У мінулым, сённяшнім, наступным.
За вёскаю, на адзіноце,
Асеннім днём пачуеш ты,
Як вецер на запалай ноце
Скуголіць аж да нематы.
I што ні болю, ні шкадобы
He наканована яму,
Калі бывае даспадобы
Няславіць волю, як турму, —
Hi развітання, ні спаткання,
А толькі вусцішнасць быцця:
Нібы пра згубнае каханне
Пяе няўцямнае дзіця.
Аж скаланецца раптам сэрца,
Ліхой збаяўшыся мяжы,
I так захочацца пагрэцца
Ля ўласнай цёплае душы.
Жыццё, жыццё... He першы, не апошні...
Вось і разваж, дзе блазен, дзе герой,
Калі з гары ўпрагаўся ў воз парожні
I пеклаваўся з грузам пад гарой.
Вось і разваж, дзе лёсу адпаведнасць,
Дзе збег прычын, а дзе бяссілле сіл...
Ды толькі ты, з людзьмі святая еднасць,
Мяне і далей па жыцці насі.
Адно тваё мне дарагое слова
Гаворыш мне у радасці й журбе:
Як не збаішся пачынаць нанова,
Дык блісне дзень нанова і табе.
He патрабуй ні мала, ні замнога.
He пагарджай вянкамі з дзеразы,
Умей сябе убачыць праз другога,
Смяяцца шчыра, плакаць без слязы.